Андрэй Бастунец: «Замест расследавання забойства Рамана ўлады пераследуюць тых, хто шукае інфармацыю пра тое, што здарылася»
Сябра Каардынацыйнай Рады, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў, Андрэй Бастунец, скаментаваў затрыманні, звязаныя з крымінальнай справай пра разгалашэнне медыцынскай таямніцы.
“У рамках крымінальнай справы ўчора была затрыманая і адпраўленая ў СІЗА КДБ журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч, якая рыхтавала матэрыял па гісторыі Рамана Бандарэнкі, а таксама ўрач, які паведаміў пра адсутнасць алкаголю ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі.
Па інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, сёння пад вартай знаходзяцца 21 журналіст, а ахвярамі палітычных рэпрэсій за апошнія месяцы сталі сотні рэпарцёраў і фатографаў.
Пад ціскам апынуліся некалькі Тэлеграм-каналаў і іх аўтараў. Ва ўмовах парушэння правоў і свабод журналістаў, іх базавых правоў чалавека, кожны незалежны журналіст у Беларусі – герой. Абмяжоўваючы волю супрацоўнікаў СМІ, вярнуць давер да інфармацыйных каналаў улады не атрымаецца.
Мы настойваем на неадкладным вызваленні Кацярыны Барысевіч і ўрача, затрыманага па справе раскрыцця медыцынскай таямніцы. Значна больш важна заняцца расследаваннем і пошукам забойцаў Рамана замест абароны тых, хто ўтрымлівае ўладу».