Алесь Аляхновіч: Як эканамічныя санкцыі б’юць па рэжыму ў Беларусі?
У новым відэа Алесь Аляхновіч, прадстаўнік эканамічнай групы КР і эканамічны дарадца Святланы Ціханоўскай, разважае пра эканамічныя санкцыі. Працяглыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі могуць прывесці да сур’ёзных эканамічных наступстваў, у тым ліку для суседзяў Беларусі.
“Такі сусед стварае праблемы не толькі для Захаду. Ён стане таксічным і для Расеі, чые банкі і прадпрыемствы могуць пацярпець ад супрацы з беларускімі прадпрыемствамі, а расейскі бюджэт будзе вымушаны рэфінансаваць даўгі Беларусі”, поясняет Алесь Алехнович.
Добры дзень, мяне завуць Алесь Аляхновіч, я эканамічны дарадца Святланы Ціханоўскай і прадстаўнік Эканамічнай групы Каардынацыйнай Рады.
Сёння я хацеў бы пагаварыць з вамі пра эканамічныя санкцыі. Адны кажуць, што гэта абрыне эканоміку, рэжым жа сцвярджае, што ўплыву не будзе і сам гатовы ўводзіць санкцыі ў адказ. Як будзе насамрэч? Давайце разбiрацца!
Па-першае, санкцыі — гэта доўгі і пакрокавы працэс. Усё пачалося з непрызнання вынікаў выбараў і легітымнасці Лукашэнкі з боку ЗША, Канады, Еўрапейскага саюза, Вялікабрытаніі і іншых дэмакратычных краін.
Потым былі персанальныя санкцыі з боку гэтых самых краін, якія ўвесь час пашыраюцца.
А ўжо 19 лістапада, пасля забойства Рамана Бандарэнкі, ЕС абвясціў аб падрыхтоўцы да ўвядзення трэцяга пакета санкцыяў, які будзе ўключаць кропкавыя эканамічныя санкцыі супраць канкрэтных прадпрыемстваў і бізнесменаў, звязаных з Лукашэнкам. Еўрапейскім кампаніям і фізічным асобам будзе забаронена гандляваць, заключаць здзелкі і інвеставаць у беларускія фірмы з «чорнага спісу». Спісы могуць быць агучаны ўжо 7 снежня на паседжанні міністраў замежных спраў ЕС.
Акрамя гэтага, ЕС, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) і Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ) прыпыняюць новыя праекты з дзяржаўным сектарам. Калі у 2019 г. беззваротная фінансавая дапамога з боку ЕС складала каля 30 млн дол., то крэдытныя праекты ЕБРР і ЕІБ склалі больш за 900 млн дол. (1,5% ВУП). Таксама магчымае абмежаванне дзейнасці Сусветнага банка ў Беларусі, які ў мінулым годзе рэалізаваў праекты на суму 550 млн дол. Раней, у верасні МВФ адмовіўся пачынаць новую праграму падтрымкі беларускай эканомікі на 940 млн дол.
Гэта ўсё не проста сімвалічны ціск ці іміджавы ўдар па рэжыму. Ужо цягам бліжэйшых месяцаў беларуская эканоміка адчуе наступствы. Нас чакае:
- Спыненне новых замежных інвестыцыяў,
- Вывад прыватнага капіталу з беларускай эканомікі,
- Замарозка доступу да міжнародных крэдытаў для ўсяго дзяржаўнага сектара, у тым ліку дзяржаўных банкаў і прадпрыемстваў.
Гэта гучыць сур’ёзна, але гэта толькі пачатак. Верагодна, што ў недалёкай будучыні да эканамічных санкцыяў супраць рэжыму далучацца ЗША. Тады санкцыі могуць закрануць і расейскія інтарэсы, якія з’яўляюцца ўласнікамі некаторых прадпрыемстваў і банкаў у Беларусі і якія супрацоўнічаюць з беларускімі партнёрамі.
Калі рэпрэсіі будуць працягвацца, а кропкавыя эканамічныя санкцыі не будуць даваць вынікаў, то магчымы пераход да сектаральных санкцыяў, напрыклад:
- эмбарга на імпарт з Беларусі нафты і нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў і чорных металаў, або
- адключэнне Беларусі ад сістэмы SWIFT.
Гэта ўжо не жарты. Гэта прывядзе да сур’ёзных наступстваў для эканомікі. Такі сусед стварае праблемы не толькі для Захаду. Ён стане таксічным і для Расеі, чые банкі і прадпрыемствы могуць пацярпець ад супрацы з беларускімі прадпрыемствамі, а расейскі бюджэт будзе вымушаны рэфінансаваць даўгі Беларусі.
Кітай, іншы стратэгічны “сябра” Лукашэнкі, рызыкуе згубіць стабільнага партнёра, праз якога ідзе амаль увесь кантынентальны транзіт кітайскіх тавараў у Еўропу і ў якім павінен быў паспяхова дзейнічаць Парк “Вялікі Камень”. Яму такі праблемны партнёр не патрэбны.
Сваімі паводзінамі – фізічнымі здзекамі, гвалтам і забойствамі – рэжым не проста знішчае грамадства, ён таксама знішчае нашу эканоміку, нашу будучыню. Ніводзін адэкватны беларус не можа зычыць сваёй краіне такіх наступстваў. Усе мы – 9,5 мільёнаў беларусаў – з’яўляемся закладнікамі злачыннай палітыкі Лукашэнкі. Гэта на яго кладзецца ўся адказнасць за сітуацыю.
Але канец чакае толькі рэжым Лукашэнкі. У выніку дэмакратычных перамен, Беларусь чакае выбух новых прыватных ініцыятываў, вяртанне капіталу і лепшых беларусаў замежжа. А міжнародная падтрымка толькі ўзмацніць дасягненні саміх беларусаў і паспрыяе хуткаму аднаўленьню беларускай эканомікі.
Глядзіце больш відэа з Алесем Аляхновічам, дзе ён расказвае аб тым: