Заява Фракцыі адказнага партнёрства Каардынацыйнай рады Беларусі з нагоды падзеяў у Ізраілі

Зацверджана:
12.10.2023, 17:51

Дэлегаты Фракцыі адказнага партнёрства Каардынацыйнай рады Беларусі асуджаюць жахлівыя злачынствы, якія прывялі да гібелі мірных людзей у Ізраілі. Няма аніякага апраўдання жорсткім забойствам нявінных ахвяр, уключаючы старых і дзяцей, утрыманню і нечалавечым катаванням закладнікаў, подлым здзекам з людзей, якія страцілі сваіх родных і блізкіх. Няма і не можа быць аніякага прабачэння нелюдзям, якія здзейснілі гвалт над дзецьмі і жанчынамі.

Практыкі тэрарызму добра знаёмыя нам — мы бачылі, як выкарыстоўвае іх у дачыненні да свабодных беларусаў, нашых родных і блізкіх, рэжым Лукашэнкі ў Беларусі. Мы ведаем, што ў падставе тэрору стаіць заўсёды адное і тое ж — жахлівае сляпое зло, на якое здольныя страціўшыя сумленне вар’яты дзеля задавальнення сваіх цёмных жаданняў — помсты, нянавісці, зайздрасці. Вайна ва Украіне, рэпрэсіі ў Беларусі і цяпер тэрор у Ізраілі маюць адну прыроду, і ўсім нам, якія супрацьстаяць звар’яцелым дыктатарам, захопніцкай ваеннай агрэсіі і фанатычнаму рэлігійнаму тэрору, ніколі нельга пра гэта забываць. У гэтым мы павінны быць салідарнымі, змагацца і дапамагаць адзін аднаму на шляху міру.

Мы прыкладваем усі намаганні для дапамогі ахвярам гэтых злачынстваў. Мы дапамагаем тым выхадцам з Беларусі, хто знайшоў прытулак у гасцінным Ізраілі i якіх вайна, развязаная ХАМАС і яго саўдзельнікамі, заспела знянацку, знайсці бяспеку і ўз’яднацца з раднымі і блізкімі. Мы дапамагаем словамі падтрымкі сем’ям нявінных ахвяр. Гэтым злачынствам няма апраўдання. Справядлівая адплата чакае ўсіх вінаватых, і мы ўпэўненыя, што ізраільская дзяржава зможа абараніць свой народ і свае межы ўсімі наяўнымі ў яго распараджэнні сродкамі.

Нішто не верне забітых, раны пацярпелых не зажывуць ніколі, але справядлівасць павінна перамагчы. Народ Ізраіля, у тым ліку больш за сто дваццаць тысяч выхадцаў з Беларусі, якія знайшлі ў Ізраілі свой дом, павінны атрымаць мір.